Главная

Ноў-хаў сталічнай міліцыі:
затрыманых скавалі ў адзін ланцуг кайданкамі

#БезПраваНаРасправу

Мультымедыйны праект #БезПраваНаРасправу з'яўляецца часткай дзейнасці Праваабарончага цэнтра "Вясна" па выяўленні выпадкаў катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання з боку органаў улады і іншых дзяржаўных структур.

На жаль, нямногія з падобных ахвяр вырашаюцца дамагацца пакарання для сваіх крыўдзіцеляў ці хаця б надаць агалоску такім інцыдэнтам. У выніку, міліцыянты застаюцца беспакаранымі, людзі - неабароненымі ад міліцэйскага гвалту, а статыстыка МУС аб службовых злачынствах - моцна скажонай. Праект #БезПраваНаРасправу закліканы зламаць сцяну маўчання, страху і беззаконня і паказаць, што катаванням і жорсткім відам абыходжання можна і трэба супрацьстаяць.

Пры канваіраванні затрыманых актывістаў кайданкамі змацавалі паміж сабой у ланцужок і ў такім выглядзе выводзілі з машыны ў будынак суда

Актывісты «Моладзі БНФ» 16 кастрычніка 2018 года каля будынка Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі правялі мірную акцыю пратэсту - пікет супраць дзедаўшчыны ў войску ў рамках новай грамадскай кампаніі "Квіток на той свет".

Чаму супраць дзедаўшчыны? Усё вельмі проста: у апошні час у грамадстве расце абурэнне хваляй выкрытых у ходзе расследаванняў і судоў выпадкаў жорсткага абыходжання з маладымі салдатамі з боку стараслужачых, а таксама злоўжыванняў афіцэраў. Дастаткова ўспомніць «Справу Коржыча», якая завяршылася асуджэннем некалькіх асобаў, якія маюць дачыненне да гэтай трагедыі.

Права на свабоду мірных сходаў, свабоду выказвання меркаванняў - гэта аснова дэмакратычнай сістэмы. Гэтыя правы, а таксама магчымасці іх абмежавання вельмі падрабязна выкладзены ў міжнародных дакументах, абавязковых для Беларусі.

Жорсткасць міліцыі, якая праяўляецца падчас разгону сходаў і пікетаў, прыніжаючае абыходжанне з затрыманымі пратэстуючымі шматкроць узмацняюць шкоду ахоўваемым свабодам. Таму гэтыя выпадкі прыцягвалі і будуць прыцягваць увагу праваабаронцаў.

Пікет супраць дзедаўшчыны доўжыўся літаральна некалькі хвілін і быў спынены супрацоўнікамі АМАПа. Удзельнікаў пікету Дзяніса Мандзіка, Ганну Смілевіч (Пахолка) і Арсенія Дзядка затрымалі і адвезлі на аўтамабілі з танаваным шклом ў РУУС Цэнтральнага раёну, дзе склалі пратаколы правапарушэння.

Але што ж адбываецца з затрыманымі, калі яны хаваюцца за цёмным шклом аўтобусаў без апазнавальных знакаў?

Распавядае Дзяніс Мандзік:

"Пасля затрымання ля будынка Генеральнага штаба 16 кастрычніка я быў дастаўлены ў Цэнтральны РУУС Мінска, дзе на мяне склалі пратакол, правялі асабісты дагляд, дактыласкапіравалі і сфатаграфавалі. Увечары таго ж дня мяне і Ганну даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Характэрна, што пры этапаванні мне начапілі кайданкі. На мае просьбы паслабіць кайданкі супрацоўнікі міліцыі ніяк не рэагавалі".

На наступную раніцу Дзяніса Мандзіка двойчы этапавалі, і зноў у кайданках - спачатку з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў ў РУУС, а потым з РУУС у суд Цэнтральнага раёна.

"Падчас дастаўлення ў суд усіх затрыманых змацавалі паміж сабой кайданкамі і ў такім выглядзе выводзілі з машыны ў будынак суда", - пазначае актывіст у сваёй заяве ў пракуратуру.

Дзяніс Мандзік упэўнены, што ніякіх дзеянняў, якія маглі б паслужыць падставай для прымянення да яго спецсродкаў супрацоўнікамі міліцыі, ні ён, ні іншыя затрыманыя не здзяйснялі.

"Лічу, што сваімі дзеяннямі супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага РУУС г. Мінска перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы, дапусцілі ў дачыненне да мяне і іншых затрыманых жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне, якое прычыняла мне фізічныя пакуты, абражала маю чалавечую годнасць", - сведчыць актывіст і просіць пракуратуру правесці праверку і прыцягнуць супрацоўнікаў міліцыі да адказнасці.

Праваабаронцы "Вясны" падкрэсліваюць, што згодна з Законам "Аб органах унутраных спраў" спецыяльныя сродкі (кайданкі, гумовыя палкі, сродкі звязвання, спецыяльныя хімічныя рэчывы і інш.) ужываюцца ў крайніх выпадках:

Са скаргай у пракуратуру Цэнтральнага раёна звярнулася і Ганна Смілевіч (Пахолка).

Яна просіць правесці пракурорскую праверку, названых у скарзе фактаў, усталяваць супрацоўнікаў міліцыі, якія дапусцілі перавышэнне сваіх паўнамоцтваў і прыцягнуць іх да ўстаноўленай законам адказнасці, а таксама паведаміць ёй пісьмова аб выніках праверкі.

Распавядае Ганна Смілевіч:

"Увечары з Цэнтральнага РУУС нас адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Там супрацоўнікі вельмі жорстка з намі абыходзіліся.

Мяне больш за ўсё ўразіла зневажальная працэдура агляду, калі цябе распранаюць дагала. Яшчэ прымушалі трымаць рукі за спіной і крычалі нават, калі гэтага не робіш.

У камерах было вельмі холадна, я пасля гэтага моцна захварэла. Назаўтра пасля прагулкі нас спачатку адвялі ў "стакан" [камера маленькага памеру. - Рэд.], дзе мы сядзелі прыкладна паўгадзіны. Затым невядома чаму апранулі кожнаму кайданкі і павезлі ў РУУС. З гэтага моманту і да суда практычна ўвесь час нас трымалі ў кайданках, ды яшчэ і скоўвалі усіх разам у адзін ланцуг.

Кайданкі былі зацягнутыя вельмі моцна, Дзяніс нават прасіў іх крыху аслабіць, але супрацоўнікі міліцыі ігнаравалі ягоныя просьбы”.

У дадзенай сітуацыі, чым асабліва заклапочаныя праваабаронцы, кайданкі былі ўжытыя для прычынення фізічных і маральных пакут, а не ў мэтах, прадугледжаных законам.

Калі законных падстаў для прымянення наручнікаў няма, а іх ужыванню папярэднічаюць пагрозы, непаважлівае стаўленне да затрыманых удзельнікаў мірнага пікету, то гэтыя акалічнасці ў сукупнасці даюць падставы быць упэўненым, што такія дзеянні міліцыянтаў - гэта не проста дысцыплінарная правіна, гэта - акт забароненага звароту.

Суд Цэнтральнага раёна г. Мінска за парушэнне арт 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) пакараў Ганну Смілевіч штрафам у памеры 25 базавых велічынь, а Дзяніса Мандзіка - штрафам у памеры 30 базавых велічынь. Адміністратыўны пераслед трэцяга затрыманага Арсенія Дзядка спынілі з прычыны яго непаўналецця.